00:01 05.09.2008
Як фальсіфікавалі выбары ў 2000 і 2003 годзе (успаміны)

Упершыню з фальсіфікацыяй выбараў, я сутыкнуўся ў ужо далёкім 2000 годзе. Тады частка дэмакратаў байкатавала выбары, а іншая частка актыўна змагалась за месцы ў ПП НС. Рэжым яшчэ не быў такі брутальны, а выбары фальсіфікавалі чырванеючы.
Атрымаўшы пасведчанне БХК я пайшоў назіраць за выбарамі ў школу №7, што на Скрыпачцы. Там мяне з распасцёртымі рукамі сустрэла старшыня выбарчай камісіі Лявонава, яна ж дырэктар школы што выхавала не адно пакаленне злачынцаў. Добрая такая бабуля, з дзяржаўным бачаннем. " Мне всё равно кто победит, главное, что - бы выборы состоялись, ведь это деньги бюджетников ". Як малітву паўтарала спадарыня Лявонава.
Мне выдзеліі крэсла і папрасілі падказваць калі што ні так! Сяджу сабе лічу колькасць выдадзеных бюлетэняў. Спадарыня Лявонава бегае ўзад наперад, як шальная і галосіць, маўляў што за людзі і як гэта яны не разумеюць, што выбары гэта дзяржаўныя грошы, зарплата настаўнікаў і лекараў
Адвячоркам, калі ужо стала цёмна выйшаў перапаліць ды ногі заадно размяць. Вандрую вакол школы, гляджу гараць вокны ў адным кабінеце. Падышоў да акна, а там адна прыгонная настаўніца подпісы ў бланках выдачы бюлетэняў ставіць, а намеснік старшыні выбарчай камісіі (ён жа завуч) па прозвішчы Маскоўскіх крыжыкі ў бюлетэнях за кандыдаа ад ўлады.
Чым бліжэй стрэлка да 20.00 тым больш да мяне кахання і шчырай заботы з боку чальцоў камісіі. Лявонава настойліва прапаноўвае бутэрброды з гарбатай, а Маскоўскіх пасля душашчыпальнага расповяду аб суседзе БНФаўце, які абяцаў прыйдучы да ўлады паставіць усіх расейцаў і сумленных камуністаў да сценкі, прапанаваў мне, добраму, але трохі “заблуждающемуся” хлопцу выпіць па 100 грам. Натуральна, што піць і есці з злачынцамі я не збіраўся! Тым больш, што выбары на гэтым участку відавочна не адбыліся. Не хапіла больш 100 выбаршчыкаў
І вось настае 20.00 участак зачынены, пачынаюць лічыць і што?. Яўка 51% Лявонава скача, як дзяўчынка, Маскоўскіх - ужо пад шафе скаліць зубы.
А я ім спакойна так, спадары і спадарыні ды вы звычайныя ашуканцы - укінулі бюлетэні, распісаліся за людзей, ды па вас турма плача!
Вось тут усё і пачалось: «Так вам і трэба ворагам праклятым!» «Скажы дзякуй, што цябе ў міліцыю не здалі»! «Ды вы апазіцыянеры, толькі і марыце, каб нашу сінявокую, як Югаславію, амерыканскія каршакі бамбавалі”.
Потым я напісаў заяву ў пракуратуру, праз месяц прыйшоў адказ маўляў паказаныя мною недахопы не знайшлі пацверджанні і на вынікі выбараў не паўплывалі!
Пасля "элегантнай перамогі" 2001 года лукашэнкаўская вертыкаль усвядоміла сваю значнасць і беспакаранасць. Мяркую, што ўжо да гэтага часу ў краіне была створаная надзейная сістэма атрымання патрэбнага выніку на выбарах. Аднак, сістэма была не вельмі надзейная, дзе нідзе яна яшчэ давала збоі. Такі збой адбыўся ў 2003 годзе ў Бабруйску на выбарах у мясцовыя Саветы па выбарчай акрузе № 35, дзе я перамог у першым туры галоўнага тэхнолага "Белшыны". Аднак гэты пост не аб мне, а аб тым як фальсіфікавалі выбары ў 2003 годзе!
Тады дэмакратаў яшчэ пускалі ў другі тур, а чыноўнікі спрабавалі ўсміхацца, хоць іх усмешка ўсё больш нагадвала воўчы аскал.
У сакавіку 2003 года ў другі тур выбараў у мясцовыя Саветы ў Бабруйску выйшаў Міхаіл Кавалькоў, лідэр Свабоднага прафсаюза завода ТДіА. У яго выбарчую акругу ўваходзілі Інтэрнаты, дзе жыў сам Міхаіл і працоўныя яго завода. За некалькі дзён да выбараў я разам з іншымі дэмакратычнымі актывістамі распаўсюдзілі друкаваную прадукцыю Кавалькова, не проста па паштовых скрынях, а з абавязковым заходам у кватэру. Перамогу Кавалькова не ставілі пад сумнеў нават мясцовыя чыноўнікі.
Увечары, Михаіл запрасіў мяне разам жонкай адзначыць яго перамогу і абмеркаваць нашы сумесныя дзеянні ў гарадскім Савеце. Але замест радасці перамогі слёзы жонкі Міхаіла, яна была назіральнікам на ўчастку для галасавання і на свае вочы пабачыла выбары па лукашэнкаўскі
Участковая камісія пад кіраўніцтвам спадарыні Гранёнавай дзейнічала ў лепшых традыцыях напёрстачнікаў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Памятаеце гэтых хлопцаў у спартовых гарнітурах, якія галасілі на рынках : " Я приехал из Америки на зелёном велике, кручу верчу наё…ць хочу»! З 8.00 да 20.00 Гранёнава спявала оды незалежнаму кандыдату Кавалькову, маўляла, як добра, што такі чалавек будзе вырашаць гарадскія праблемы. Заводзіла салаўіныя трэлі на тэму аб адсутнасці ціску і аб'ектыўнасці….
Некалькі разоў на працягу дня галасавання прыязджаў сам намеснік главы адміністрацыі Ленінскага раёна спадар Алейнік Ўл. Ф. Каларытны персанаж, з аднаго боку лідэр Камуністаў "правільных" па Магілёўскай вобласці, а з іншага боку запявала казачага хору і прыхільнік белых генералаў. (на фота да артыкула - Ул. Алейнік)
І вось падлік галасоў! У адну стопачку бюлетэні за Кавалькова, у іншую за яго канкурэнтку начальніцу сабеса Ленінскага раёна Грынявецкую. Натуральна стопачка за Кавалькова ў раз пяць больш. Але гэта быў ужо 2003 год! І лёгкім рухам рукі спадарыні Гранёнавай, бюлетэні з стопачкі Кавалькова трапляюць у стопачку Грынявецкай, а на стол кладзецца пратакол, падпісаны чальцамі выбарчай камісіі! Бюлетэні заварочваюць у паперу і запячатваюць сургучом, копія пратаколу вывешваецца на дзвярах!
Цынічна! Подла! Але вельмі надзейна!
Усё гэта бачыў кіроўца ў абавязкі якога ўваходзіла давесці старшыню ўчастковай камісіі разам з бюлетэнямі і пратаколам да акруговай камісіі! У бачыўшага ў жыцці шматлікае мужыка адбыўся шок! Адзінае, што ён сказаў: «Ну вы и су…, я вас никуда не повезу. Западло таких возить!».
Натуральна, на гэта нахабства трэба было неяк рэагаваць. Мы садзімся ў тралейбус, едзем да выбарчай камісіі, але яна зачынена! Шматгадовы сакратар гарадской выбарчай камісіі дзядуся Падольскі здае ключы ахоўніку, маўляў "Маўр зрабіў сваю справу. Маўр можа адпачываць" (да наступных выбараў) і адпраўляе нас у адміністрацыю Ленінскага раёна!
У будынку адміністрацыі праца была ў самім разгары. Працэсам кіраваў асабіста глава адміністрацыі Навумчык у яго памагатых бегалі згаданы вышэй Алейнік і тады яшчэ ідэолаг па Ленінскім раёне Маркачоў
Будынак быў нашпігаваны мянтамі - відаць рыхтаваліся да пазаштатнай сітуацыі.
Уціхамірваць наша абурэнні чыноўнікі пачалі па добраму: «Ай, яй, яй. Ребята проиграли, а мы так надеялись, что вы победите! Но ничего в следующий раз обязательно госпожа удача улыбнётся вам!»
Калі Алейнік працягнуў мне руку для прывітання, то я папулярна растлумачыў, што ціснуць яго руку не буду, бо ў мяне ёсць усе падставы лічыць яго вінаватым у фальсіфікацыях выбараў і мэта маёй прысутнасці ў гэтым будынку, паставіць свой подпіс на пачках з запячатанымі бюлетэнямі.
Алейнік змяніўся ў твары, звярнуўся да мянтоў, і паказваючы на мяне працадзіў "ВЗЯТЬ"! Трэба адзначыць, што ў тыя часы мянты яшчэ былі не вельмі злыя, ды і круціць рукі дэпутату гарадскога Савета, для іх было неяк не звыкла.
Мы жадалі толькі аднаго распісацца на пачках з бюлетэнямі, каб гэтыя пачкі не падмянілі, Тады яшчэ мы наіўна спадзяваліся, што пракурор або суд могуць прыняць рашэнне аб пералічэнні бюлетэняў, але..
Кавалькоў на наступны дзень пайшоў па інстанцыях, яго асабіста прыняў, тады яшчэ пракурор Ленінскага раена Гаўрыкаў, супакоіў, забалбатаў. Праз некалькі дзён усё сціхла! Грынявецкая заняла месцы ў гарадскім Савеце.





Каментарыі (3)
07.08.2008 13:59
вельмі паказальна.
05.09.2008 21:32
Ооо!ЧЫГiр!я чытау гэта!добрыя тэмы пiша!ПАвага!
09.09.2008 17:30
Да мне мацi расказвала, што так паусюду, бюлiтэнi запячатваюць, потым здаюць у архiу. А праз 2 гады iх проста знiшчаюць. Сапрауды усё залежыць зараз не ад тых хто падлiк вядзе а ад ты хто ставiць подпiсы у пратаколе! Зараз дайшло да таго, што вязуць у камicii раённыя пустыя пратаколы, а там ужо з вобласцi людзi прастауляюць патрэбныя лiчбы
Дадаць каментарый